ГЕ́НРЫХ МАРАПЛА́ВЕЦ
(Dom Henrique o Navegador; 4.3.1394, г. Порту, Партугалія — 13.11.1460),
партугальскі прынц, арганізатар марскіх экспедыцый (адсюль мянушка, дадзеная ў 19 ст.). Сын караля Жуана І. У 1415 вызначыўся пры заваяванні партугальцамі г. Сеута (Марока), стаў яго правіцелем. З 1419 губернатар г. Сагрыш (Паўд. Партугалія), дзе заснаваў абсерваторыю і мараходную школу; адначасова магістр Ордэна Хрыста (1418—60). З 1418 на сродкі ордэна паслаў з Сагрыша даследчыя экспедыцыі, якія адкрылі Азорскія а-вы (1432—35), рэкі Сенегал і Гамбія, а-вы Біжагош (1437—57), Зялёнага Мыса (1456) і інш. Генрых Мараплавец садзейнічаў таксама развіццю партуг. караблебудавання (асабліва каравел) і картаграфіі, ператварэнню Партугаліі ў буйную марскую дзяржаву, што паклала пачатак каланізацыі партугальцамі Афрыкі.
Літ.:
Бизли Ч.Р. Генрих Мореплаватель: Пер. с англ. М., 1979.
М.К.Багадзяж.
т. 5, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)